«Адметныя людзі пра адметныя кнігі»: літаратурныя лекцыі МТС і Bookster наведалі сотні чалавек | Новости МТС
Назад

«Адметныя людзі пра адметныя кнігі»: літаратурныя лекцыі МТС і Bookster наведалі сотні чалавек

Завяршыўся чарговы сезон публічных лекцый па літаратуры, арганізаваных кніжным сайтам Bookster пры падтрымцы кампаніі МТС. Сустрэчы аматараў чытання праходзілі ў Мінску. Публічныя лекцыі МТС і Bookster аб’ядналі вакол літаратуры сотні чалавек.

Усяго ў межах новага сезона праекта адбылося 8 лекцый. З канца кастрычніка аматары літаратуры кожны тыдзень збіраліся разам, каб пазнаёміцца з прафесійным поглядам на знакамітыя творы пісьменнікаў мінулага і сучаснасці. Лекцыі былі прысвечаны кнігам такіх сусветна вядомых аўтараў, як Гюстаў Флабэр, Альбер Камю, Маргарэт Этвуд, Уладзімір Набокаў, Джуліян Барнс, Джон Фаўлз і Айн Рэнд. Знайшлося ў новым сезоне і месца для андэграунда: на апошняй сустрэчы праекта гаворка ішла пра раман расійскага постмадэрніста Сашы Сакалова. Творы прапанаваных аўтараў можна знайсці ў Мабільнай бібліятэцы МТС — book.mts.by, першыя тры дні карыстацца сэрвісам прапануем бясплатна.

У якасці запрошаных лектараў выступілі паэтка Вальжына Морт, пісьменнік Віктар Марціновіч, культуролаг Максім Жбанкоў, гісторык Аляксей Братачкін, музыка і рэжысёр Святлана Бень, а таксама ўніверсітэцкія выкладчыкі Уладзімір Капцаў, Гражына Паўлоўская і Ганна Бутырчык.

Наведаць лекцыі мог кожны жадаючы: спачатку сваё бачанне твора прапаноўвалі выкладчыкі, затым твор абмяркоўвалі разам ў фармаце кніжнага клуба. У межах курса аб’ядналіся розныя погляды і манера выкладання, таму кожны мог наведаць лекцыю на свой густ. Такім чынам, за два месяцы аматары літаратуры прачыталі або наноў адкрылі для сябе восем знакамітых кніг.

«Папулярнасць лекцый прадэманстравала, што цікавасць да кнігі застаецца высокай, а ў Мінску шмат аматараў літаратуры. Сумесныя з Bookster лекцыі — гэта не першы наш праект, накіраваны на папулярызацыю чытання. Адзін з адметных — «кніжныя» вагоны ў сталічным метро, у якіх можна было праводзіць шлях прыемна і карысна: за вытрымкамі са знакамітых твораў. Да нашай ініцыятывы #ЧытаюДзеХачу з задавальненнем далучыліся сотні чалавек з розных куткоў краіны. А тым, хто прызвычаіўся чытаць са смартфонаў і планшэтаў, прапануем Мабільную бібліятэку МТС, на «паліцах» якой можна знайсці шмат кніг на любы густ», — адзначыла кіраўнік па сувязях з грамадскасцю МТС Вольга Ткачэнка.   

Предыдущая

Следующая