Авантурная лекарка і захопніца замка. МТС распачаў праект “БелЛіт: мабільны гід” | Новости МТС
Назад

Авантурная лекарка і захопніца замка. МТС распачаў праект “БелЛіт: мабільны гід”

Першая лекцыя ў межах праекта “БелЛіт: мабільны гід” адбылася 6 сакавіка. Выступ беларускай літаратаркі і перакладчыцы Юліі Цімафеевай быў прысвечаны гераіням беларускай літаратуры, якія могуць здзівіць кожнага.

У сваёй лекцыі Юлія Цімафеева распавяла пра мемуары Саламеі Пільштыновай “Авантуры майго жыцця”, творы Паўла Касцюкевіча “План Бабарозы”, Альгерда Бахарэвіча “Белая муха, забойца мужчын”, Анкі Упалы “На заснежаны востраў” і вершы паэткі Вальжыны Морт.

– Ідэя праекта вельмі добрая. На мой погляд, лекцыі дазволяць зацікаўленым у культуры адкрыць для сябе сучасную беларускую літаратуру. Мне падаецца, што зараз пра яе гавораць не так шмат: усё больш узгадваюць забытыя імёны. Але варта не забываць і пра нашых сучаснікаў, якія сёння выдаюць свае творы. Спадзяюся, што ваш праект дапаможа ў гэтай справе, – падкрэсліла Юлія Цімафеева.

Мадэратар імпрэзы паэт Андрэй Хадановіч адзначыў, што ў апошнія гады адбываецца надзвычайны бум публічных лекцый і сустрэч.

– Ніхто не цягне наведвальнікаў, але яны прагнуць альтэрнатыўных зносін і крыніц інфармацыі. Спадзяюся, што праект “БелЛіт: мабільны гід” па форме будзе адрознівацца. Ужо зараз бачна, што цікавасць да праекта ёсць. Магчыма, настальгічны фармат заліковак дазволіць некаму ўзгадаць студэнцкі век. А можа на лекцыі прыйдуць школьнікі, якія толькі мараць атрымаць залікоўкі, – сказаў Андрэй Хадановіч і прызнаўся: – Вельмі добра, што ў слухачоў будзе хатняе заданне. Я таксама паспрабую прайсці тэсты. Ніхто не абяцаў, што будзе лёгка, але мусіць быць цікава.

Нагадваем, што праект “БелЛіт: мабільны гід” ладзіцца пры падтрымцы Мабільнай бібліятэкі МТС. Цыкл бясплатных лекцый па беларускай літаратуры пройдзе з удзелам пісьменнікаў, выкладчыкаў і медыйных асоб. Сваімі ведамі падзеляцца Алесь Суша, Вальжына Морт, Ганна Бутырчык, Марына Казлоўская і іншыя. Для ўдзельнікаў гэта шанец задаць пытанні, падзяліцца ўласнымі думкамі і прыемна правесці час.

Таксама кожны жадаючы можа падпісацца на email-рассылку з цікавымі матэрыяламі па беларускай літаратуры ад аўтараў праекта “Купала поштай” і “Мастакі поштай” і прайсці тэматычныя тэсты.

Першыя ўдзельнікі ўжо атрымалі залікоўкі, у якіх будуць адзначацца першыя наведванні “заняткаў”. Напрыканцы праекта выдатнікі атрымаюць чырвоныя дыпломы.

Зарэгістравацца на наступныя лекцыі і падпісацца на email-рассылку можна на сайце праекта: gidbellit.by. Сачыце за навінамі!

Предыдущая

Следующая