МТС зрабіў больш даступным і зручным высакаскорасны мабільны інтэрнэт для сваіх абанентаў дзякуючы ўключэнню шэрага новых базавых станцый 4G больш як у 50 населеных пунктах Беларусі. Паляпшэнне якасці пакрыцця і пашырэнне геаграфіі паслуг 4G адбываецца ў дыяпазонах 800, 1800 і 2600 Мгц.
Усяго мабільны аператар пачаў выкарыстоўваць 62 новыя базавыя станцыі 4G ва ўсіх трох частотных дыяпазонах. Таксама сетка LTE упершыню стала даступная абанентам МТС у 18 населеных пунктах Мінскай і Брэсцкай абласцей.
У прыватнасці, на Міншчыне мабільная сувязь чацвёртага пакалення стала даступная ў вёсках Вуглы і Грэбла Барысаўскага раёна, Навашына, Саламарэчча і Вішнёўка Мінскага раёна, аграгарадку Барсукі Смалявіцкага раёна, пасёлку Мар’іна і аграгарадку Голацк Пухавіцкага раёна. На Брэстчыне базавыя станцыі LTE-800 пачалі дзейнічаць ў вёсках Галева і Пінкавічы Пінскага раёна.
З дапамогай базавых станцый LTE-2600 павялічылася ёмістасць сеткі LTE у сталіцы, Віцебску, Оршы, Полацку, Салігорску, Дзяржынску і Чашніках. Частата 1800 Мгц дазволіла палепшыць якасць сувязі ў Мінску, Брэсце, Гродне, Барысаве, Лагойску, Маладзечне, Старых Дарогах, Калодзішчах і Хацежыне.
Абаненты МТС зараз змогуць больш актыўна карыстацца паслугамі і сэрвісамі, разлічанымі на шырокапалосны інтэрнэт: воблачнымі сховішчамі, навучальнымі анлайн-пляцоўкамі, відэасувяззю, анлайн-кінатэатрамі і іншымі.
Работы па паляпшэнню якасці мабільнай сувязі МТС праводзіў сумесна з інфраструктурным партнёрам beCloud, які займаецца будаўніцтвам адзінай сеткі LTE у Беларусі. Усе базавыя станцыі былі запушчаныя ў эксплуатацыю з улікам санітарных нормаў і павышаных патрабаванняў да бяспекі.
Упэўніцца, ці падтрымліваюць ваш смартфон або SIM-карта сувязь чацвёртага пакалення, абаненты МТС могуць з дапамогай USSD-запыту *464#. У паведамленні ў адказ прыйдуць даныя пра стан прылады.
Каб падключыць да 4G-сеткі смартфон на базе Android у настройках прайдзіце шлях: мабільная сетка — мабільная перадача даных — пажаданы рэжым сеткі, пасля чаго наладзьце параметр «4G/3G/2G».
Для ўладальнікаў iPhone або іншых гаджэтаў на базе iOS паслядоўнасць крыху іншая: настройкі — сотавая сувязь — параметры даных — голас і даныя — LTE.
Пасля змены настроек перазагрузіце тэлефон — адбудзецца аўтаматычнае падключэнне да 4G-сеткі.