Больш за 1000 юных спартсменаў ужо гатовыя да старту! Рэгістрацыя на Сямейны забег у рамках Мінскага паўмарафону працягваецца
Больш за 1000 хлопчыкаў і дзяўчынак прайшлі бясплатную рэгістрацыю і рыхтуюцца пераадолець дыстанцыю ў 1,4 км на Сямейным забегу. Спартыўнае мерапрыемства пройдзе 10 верасня 2023 года на «дарослай» трасе Мінскага паўмарафону. Чакаецца, што маштабны лёгкаатлетычны форум наведае больш за 15 тысяч аматараў бегу з 17 краін — ЗША, Швейцарыі, Літвы, Латвіі, Казахстана, Расіі, Аўстрыі, Турцыі і інш.
Пераадолець дыстанцыю 1,4 км могуць дзеці ад 0 да 12 гадоў. Пры гэтым маленькія атлеты да 6 гадоў могуць бегчы толькі з бацькамі. Усе без выключэння юныя спартсмены на фінішы атрымаюць медаль чэмпіёна.
Прайсці бясплатную рэгістрацыю на Сямейны забег можна на сайце Мінскага паўмарафону. Падчас афармлення заяўкі можна зрабіць дабрачынны ўзнос - толькі па жаданню. Сабраныя сродкі будуць накіраваныя на закупку асістыўнага (дапаможнага) абсталявання, якое дапаможа дзецям з інваліднасцю больш камфортна вучыцца ў школе. Пры гэтым, калі сума ахвяравання ад 35 рублёў і вышэй, удзельнікі Сямейнага забегу атрымаюць футболку з сімволікай мерапрыемства. Забраць яе можна з 7 верасня - у месцы выдачы рэгістрацыйных нумароў на стойцы ЮНІСЕФ у Беларусі.
Дзіцячы забег, 2022 г., фота МТС
Дзіцячы забег, 2022 г., фота МТС
Арганізатарамі Сямейнага забегу ў рамках Мінскага паўмарафону выступілі МТС, Белаграпрамбанк, Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі і Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі.
Весела правесці час падчас чакання старту або пасля пераможнага фінішу юныя спартсмены могуць на інтэрактыўнай пляцоўцы - на запасным полі стадыёна «Дынама». Тут жа можна будзе зрабіць маляўнічыя фатаграфіі, прыняць удзел у конкурсах, а таксама даведацца больш пра развіццё інклюзіўнай адукацыі і наведаць пляцоўку дзіцячай лёгкай атлетыкі, абсталяваную спецыяльным інвентаром.