Спорт, усмешкі і дапамога: у Мінску адбыўся Сямейны забег, мэта якога сабраць сродкі для падтрымкі дзяцей
8 верасня ў рамках Мінскага паўмарафону адбыўся Сямейны забег, у якім прынялі ўдзел 2 тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак. Многія з юных спартсменаў беглі ў брэндаваных майках. Сабраныя ад продажу сродкі пойдуць на дабрачыннасць: развіццё інклюзіўнай адукацыі і дапамогу дзецям з інваліднасцю. Арганізатарамі мерапрыемства традыцыйна выступілі МТС, Дзіцячы фонд ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі, Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі і Белаграпрамбанк.
У гэты дзень навакольную мясцовасць сталічнага стадыёна «Дынама» запоўнілі каля 20 тысяч аматараў бегу — удзельнікі Мінскага паўмарафону, які стаў самым знакавым спартыўным святам краіны.Дыстанцыя Сямейнага забегу стала завяршальным стартам. Маршрут пачынаўся на вул. Кірава і праходзіў па той жа трасе, дзе беглі і дарослыя ўдзельнікі Мінскага паўмарафону. 2 тысячы юных бегуноў з лёгкасцю пераадолелі запаветныя 1,5 км. Колькасць удзельнікаў Сямейнага забегу была прыкметна большай, бо самыя маленькія спартсмены беглі разам з бацькамі, сваімі братамі і сёстрамі. Фінішавалі юныя атлеты ў чашы стадыёна пад авацыі балельшчыкаў і ўсе без выключэння атрымалі заслужаны медаль чэмпіёна.
Сямейны забег непарыўна звязаны з дабрачыннай ініцыятывай. Многія бацькі падчас рэгістрацыі зрабілі ахвяраванне і атрымалі для дзіцяці маляўнічую брэндаваную майку «Больш, чым бег» з сімволікай спартыўнага мерапрыемства. Усе сабраныя сродкі ЮНІСЕФ у Беларусі накіруе на закупку спецыяльнага абсталявання, якое дазволіць дзецям з інваліднасцю вучыцца ў школе. У мінулым годзе па выніках гэтай кампаніі было сабрана 15 000 беларускіх рублёў, на якія было набыта абсталяванне для дзяцей з аўтызмам. Яно было перададзена рэабілітацыйнаму цэнтру ў Ракаве.
«Мы ведаем, як радуецца кожнае дзіця, якое пераадольвае дыстанцыю і адчувае сябе чэмпіёнам. Але галоўнае, што дзякуючы такому маштабнаму мерапрыемству мы можам звярнуць увагу на пытанні дзяцей з інваліднасцю і разам з нацыянальнымі партнёрамі і ў далейшым садзейнічаць развіццю інклюзіўнай адукацыі ў краіне. Вельмі важна, каб ніводнае дзіця не было адзінокае ў сваіх цяжкасцях, каб кожнае дзіця мела магчымасць вучыцца ў школе», — адзначыў Рустам Хайдараў, Прадстаўнік ЮНІСЕФ у Беларусі.
МТС як сацыяльна адказны брэнд з'яўляецца адным з арганізатараў сямейнага забегу з 2018 года. Ідэя папулярызацыі здаровага ладу жыцця і падтрымкі тых, хто мае ў гэтым патрэбу, заўсёды знаходзіць водгук у супрацоўнікаў МТС. Другі год запар у Мінскім паўмарафоне прымае ўдзел каманда #Ябягу, кожны выбірае сваю камфортную дыстанцыю - 5, 10 або 21 кіламетр.
«У гэтым годзе ад МТС бегла рэкордная колькасць чалавек - 40, і гэта не лічачы дзяцей супрацоўнікаў, якія, у сваю чаргу, бяруць удзел у Сямейным забегу. Сваёй згуртаванасцю і пастаянным удзелам у Мінскім паўмарафоне мы хочам чарговы раз паказаць важнасць простых, але пры гэтым прыярытэтных каштоўнасцей для чалавека: здароўе, сям'я, сяброўства. Акрамя папулярызацыі здаровага ладу жыцця мы сабраліся, каб падтрымаць дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі і паспрыяць развіццю інклюзіі ў адукацыі», — падкрэсліў Міхаіл Панамароў, Першы намеснік Генеральнага дырэктара - намеснік Генеральнага дырэктара па фінансавых пытаннях кампаніі МТС.
Да і пасля сваіх стартаў дарослыя і дзеці разміналіся і адпачывалі на інтэрактыўнай пляцоўцы МТС і ЮНІСЕФ у Беларусі. Яны рабілі яркія фота на памяць, удзельнічалі ў конкурсах і віктарынах, праходзілі выпрабаванні на трапнасць, гулялі ў спартыўныя гульні і даведваліся больш пра развіццё інклюзіўнай адукацыі. Сямейны забег стаў сапраўдным святам для ўсіх удзельнікаў і арганізатараў.