«Разумныя» кантэйнеры з убудаванымі IoT-датчыкамі з'явіліся ў Мінскім раёне. Прылады кантралююць напаўненне бакаў, што дазваляе кіруючай арганізацыі аптымізаваць лагістыку вывазу адходаў і зэканоміць працоўны час супрацоўнікаў. Пілотны праект рэалізаваў МТС сумесна з забудоўшчыкам «А-100 Дэвелапмент».
Усяго ў жылым раёне ўстаноўлена 20 «разумных» кантэйнераў. Кожны з іх абсталяваны ўльтрагукавым датчыкам-далямерам, вымяральнікам выгла нахілу і тэрмадатчыкам.
Як толькі бак будзе запоўнены, інфармацыя праз зададзеныя інтэрвалы часу па сетцы NB-IoT перадаецца на інтэлектуальную платформу. «Разумная» сістэма збірае, аналізуе даныя і ў далейшым выбудоўвае графік працы і маршруты вывазу адходаў да бліжэйшага смеццевага палігона. Цяпер спецтранспарту не трэба марнаваць час на аб'езд тэрыторыі. Акрамя таго, IoT-датчыкі дазваляюць вызначыць не толькі месца, але і зафіксаваць факт збору смецця.
«Новая Баравая развіваецца як інавацыйны раён. Гэта тычыцца як самога жылля, так і яго інфраструктуры. Мы бачым патэнцыял у выкарыстанні «разумных» кантэйнераў для далейшай аптымізацыі вывазу камунальных адходаў. Так, у ходзе рэалізацыі пілотнага праекта, мы высветлілі, што штодзённая пікавая нагрузка ў нашым раёне прыпадае на адрэзак часу з 17 да 22 гадзін. У далейшым усе назапашаныя даныя дазволяць трымаць пляцоўкі каля дамоў у чысціні і рацыянальна выкарыстоўваць рэсурсы», - патлумачыла дырэктар кіруючай кампаніі «А-100 Камфорт» Святлана Пятрова.
«Праект у Новай Баравой - гэта значны крок на шляху лічбавізацыі ЖКГ і развіцця канцэпцыі «разумнага» горада. Мы бачым як расце патрэба ў такіх рашэннях, а самае важнае — цікавасць з боку арганізацый. Прылады інтэрнэту рэчаў змяняюць паўсядзённае жыццё, павышаюць яго якасць і дапамагаюць палепшыць у горадзе экалагічную абстаноўку. Сетка NB-IoT здольная забяспечыць бесперабойную перадачу даных у цяжкадаступных месцах і шчыльнай гарадской забудове», - адзначыў кіраўнік дэпартамента маркетынгу кампаніі МТС Віталь Адорскі.
«Разумныя» датчыкі здольныя працаваць у экстрэмальных умовах надвор’я — ад 40 градусаў марозу да 75 градусаў гарачыні. Корпус IoT-прылад зраблены з ударатрывалага матэрыялу, не баіцца вады і пылу. Самі прыборы вызначаюцца нізкім энергаспажываннем і праслужаць шэсць гадоў без замены.