Тэлекамунікацыйны аператар і правайдар лічбавых паслуг МТС прапанаваў рашэнне для кіравання малочнай фермай на аснове канцэпцыі інтэрнэту рэчаў. Больш за 120 кароў забяспечылі «разумнымі» ашыйнікамі з радыёмодулямі для дыстанцыйнага маніторынгу асноўных паказчыкаў іх здароўя. Пілотны лічбавы праект запушчаны на адным з сельгаспрадпрыемстваў Глыбоцкага раёна Віцебскай вобласці.
Рашэнне ад МТС уяўляе сабой «разумны» ашыйнік з убудаваным IoT-датчыкам і спецыяльнае праграмнае забеспячэнне. Перадача даных адбываецца па тэхналогіі NB-IoT. Супрацоўнікі сельгаспрадпрыемства дыстанцыйна ў рэжыме рэальнага часу могуць вызначыць найбольш аптымальны час эструсу ў кароў і кантраляваць румінацыю - жавальны працэс, які расказвае пра стан здароўя жывёлы.
Даныя, якія атрымліваюцца з датчыкаў смарт-ашыйнікаў, захоўваюцца ў воблачным сэрвісе МТС Cloud і даступныя персаналу на любой прыладзе праз вэб-браўзер. Візуалізацыя даных па актыўнасці і румінацыі ажыццяўляецца ў выглядзе падрабязных графікаў.
«Iнфармацыя, якая атрымліваецца з дапамогай разумных ашыйнікаў, дае магчымасць павысіць эканамічную аддачу ад кожнай адзінкі буйной рагатай жывёлы. Акрамя таго, яна выкарыстоўваецца для маніторынгу стану здароўя статка. У цэлым, гэтае рашэнне аптымізуе працу супрацоўнікаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў», - пракаментаваў Іосіф Ляшкевіч, дырэктар сельгаспрадпрыемства «Сельцы» Глыбоцкага раёна.
Рашэнне для сельскай гаспадаркі на аснове тэхналогіі NB-IoT распрацаванае сумесна з кітайскай кампаніяй AOTOSO. Такія смарт-ашыйнікі для жывёл выкарыстоўваюць сотні «разумных» малочных фермаў Кітая, дзе ўжыванне інтэлектуальных лічбавых прадуктаў ужо даказала сваю эфектыўнасць. Акрамя таго, падобны вопыт укаранёны на фермах Вялікабрытаніі, Расіі, Чэхіі, ЗША і іншых.
«Цыфравізацыя сельскай гаспадаркі - гэта адзін з ключавых драйвераў развіцця галіны ва ўсім свеце. Менавіта дзякуючы трансфармацыі сельскагаспадарчай галіны з дапамогай укаранення найноўшых тэхналогій павялічваецца прадукцыйнасць працы і змяншаюцца выдаткі, а значыць - расце і прыбытак. Сёння мы бачым вялікую патрэбу ў такіх лічбавых рашэннях і з боку беларускіх прадпрыемстваў», - расказаў спецыяліст па маркетынгу групы лічбавых бізнес-рашэнняў кампаніі МТС Аляксей Марціновіч.
Убудаваныя IoT-модулі ў разумных ашыйніках вызначаюцца нізкім энергаспажываннем і здольныя прапрацаваць больш за 5 гадоў ад адной батарэйкі.