Тэлекамунікацыйны аператар і правайдар лічбавых паслуг МТС запусціў уласны дата-цэнтр у Мінску. Пляцоўка ўключае 78 серверных шафаў і падключаная да звышскораснай сеткі для безадмоўнага кругласутачнага доступу.
Цэнтр апрацоўкі даных дазволіць зрабіць інфраструктуру больш даступнай і больш эфектыўнай. Комплекс плошчай звыш 370 «квадратаў» змяшчае 78 стойка-месцаў пад сервернае і сеткавае абсталяванне. Агульная электрычная магутнасць ЦАД складае 954 кВт, карысная - 657 кВт для падключэння IT-нагрузкі.
Новы дата-цэнтр стаў адным з самых надзейных і энергаэфектыўных у краіне. У прыватнасці, узровень адмоваўстойлівасці аналагічны патрабаванням Tier III, а сярэднегадавы паказчык энергетычнай эфектыўнасці (PUE) - 1,28.
Дата-цэнтр падтрымлівае высокі ўзровень адмоваўстойлівасці і бяспекі: усе сістэмы дубліруюцца, ад збояў у электрычнасці страхуюць крыніцы бесперабойнага сілкавання, устаноўленая аўтаматычная сістэма пажаратушэння. Сітуацыя на пляцоўцы кантралюецца кругласутачна з цэнтра кіравання, куды ў рэжыме рэальнага часу сцякаюцца даныя з усіх датчыкаў і відэакамер.
У ЦАД будуць размяшчаць тэхналагічнае абсталяванне і серверы МТС Cloud. Уся інфраструктура падключаная да магістральнай сеткі. Тэлекам-аператар гарантуе практычна 100-працэнтную даступнасць сэрвісаў.
«Новы дата-цэнтр істотна ўмацуе нашы пазіцыі на рынку ІКТ. Сотні буйных і сярэдніх кампаній ужо давяраюць нам рэалізацыю воблачных праектаў і карыстаюцца нашай інфраструктурай па мадэлі IaaS. Зараз ёсць дадатковыя магчымасці - высоканадзейнае фізічнае размяшчэнне сервераў. Важна, што ЦАД знаходзіцца ў галаўным офісе, а гэта забяспечвае павышаную даступнасць сэрвісаў. Мы бачым сябе сярод лідэраў па суадносінах кошту, якасці і эфектыўнасці», - адзначылі ў МТС.
У цэнтры апрацоўкі даных будуць развіваць некалькі кірункаў. Перш за ўсё, гэта размяшчэнне сервернага і сеткавага абсталявання МТС. Дадаткова МТС прапануе арандаваць віртуальныя рэсурсы ў якасці сэрвісу (IaaS). Для гэтага даступныя платформы віртуалізацыі з выкарыстаннем абсталявання Cisco і Huawei.