Усе навiны

У Брэсцкай вобласці з'явіцца новы дыяпазон LTE-800 - МТС працягвае пашыраць 4G-сетку па ўсёй краіне

МТС прыступіў да шырокамаштабнага забеспячэння Брэсцкай вобласці мабільнай сувяззю чацвёртага пакалення з дапамогай новага дыяпазону LTE-800. Высакаскорасная інтэрнет-сувязь стане даступная больш як у 130 населеных пунктах, у тым ліку ў сельскай мясцовасці.

Уключэнне новага дыяпазону 800 Мгц у Брэсцкай вобласці будзе адбывацца ў некалькі этапаў.

У першую чаргу новыя базавыя станцыі пачнуць дзейнічаць у населеных пунктах Брэсцкага, Баранавіцкага, Драгічынскага, Кобрынскага, Лунінецкага, Іванаўскага, Пружанскага, Камянецкага і іншых раёнах.

У прыватнасці, мабільная сувязь LTE на частаце 800 Мгц прыйдзе ў Моталь, Дзівін, Гарадзішча, Дзятлавічы, Жамчужны і Петкавічы. Таксама за кошт запуску дадатковай базавай станцыі LTE-800 палепшыцца пакрыццё 4G у Бярозе.

Дыяпазон LTE-800 мае большы радыус дзеяння, чым частоты 1800 і 2600 Мгц. Акрамя таго, яго сігнал мае больш магутную пранікальную здольнасць. Гэта дае магчымасць ахопліваць вялікую тэрыторыю з меншай колькасцю базавых станцый.

Праект па запуску і развіццю LTE-800 у сельскай мясцовасці рэалізуецца сумесна з інфраструктурным партнёрам beCloud. Усе базавыя станцыі ўстанаўліваюцца з улікам санітарных норм і павышаных патрабаванняў да бяспекі.

Сетка LTE-800 ужо ахапіла тысячы населеных пунктаў Беларусі. Раней яна была запушчаная ў Віцебскай, Гомельскай, Магілёўскай і Мінскай абласцях. У гэтым годзе плануецца забяспечыць шчыльным пакрыццём 4G заходнія рэгіёны краіны - Брэстчыну і Гродзеншчыну.

Каб карыстацца 4G, трэба зайсці ў настройкі і пераканацца ў наяўнасці падключэння. Праверыць, ці падтрымлівае смартфон або SIM-карта LTE-сетку, можна з дапамогай USSD *464#. У адказ прыйдзе паведамленне пра стан гаджэта.

Акрамя таго, можна самастойна падключыць 4G на смартфонах з аперацыйнымі сістэмамі iOS і Android. У выпадку з iPhone ланцужок дзеянняў такі: настройкі – сотавая сувязь – параметры даных – голас і даныя – LTE. На Android-смартфонах паслядоўнасць падобная: настройкі – мабільная сетка – мабільная перадача даных – пераважны рэжым сеткі – 4G/3G/2G. Пасля змены настроек трэба перазагрузіць тэлефон, падключэнне да сеткі 4G МТС адбудзецца аўтаматычна.

Папярэдняя навіна

Наступная навіна