Салон сувязі МТС ператварыўся ў вернісаж. Для наведвальнікаў адкрылася выстаўка карцін невідушчых мастакоў
У галаўным офісе кампаніі ў Мінску пачала дзейнічаць экспазіцыя карцін невідушчых мастакоў TECHNOколер. Выстаўка пераехала з Нацыянальнага мастацкага музея. Прадстаўленыя карціны ствараліся з дапамогай спецыяльнай прылады Lihtar у рамках сумеснага праекта з ініцыятывай BelonicaArt.
У экспазіцыі галаўнога офіса МТС дэманструецца 15 работ. Усе карціны былі напісаныя невідушчымі мастакамі, якія асвоілі тэхніку малявання з нуля. Распазнаваць колеры ім дапамагала вынайдзеная ў Беларусі прылада і праграма Lihtar. У кожнага з удзельнікаў праекта ― свая творчая біяграфія: нехта страціў зрок з прычыны хваробы, але большасць з іх не бачаць з самага нараджэння.
Усяго ў рамках сумеснага праекта МТС і BelonicaArt было створана больш за 40 работ, больш за палову з якіх былі набыты знатакамі мастацтва з васьмі краін: Англіі, Польшчы, Эстоніі, Украіны, Беларусі, Расіі, Латвіі і Літвы.
Карціны пазначаныя QR-кодамі, дзякуючы якім наведвальнікі могуць праслухаць музычнае суправаджэнне або апісанне работы.
Акрамя таго, карціны можна чапаць. Палотны маюць адмысловую структуру, якая дапамагае мастаку арыентавацца на палатне, а гледачу - праз тактыльныя адчуванні прасякнуцца філасофіяй праекта.
Прадстаўленыя карціны даступныя для куплі — так кожны можа падтрымаць ініцыятыву BelonicaArt і маладых мастакоў.
Выстаўку карцін можна наведаць падчас работы галаўнога офіса МТС, які размешчаны па адрасе: пр-т Незалежнасці, 95, з 9 да 21.
Экспазіцыя адкрыта да 29 снежня.