Праект МТС #ІнтэрнэтБезБулінгу атрымаў перамогу на міжнародным конкурсе «Партнёрства дзеля ўстойлівага развіцця» ва Украіне | Навіны МТС
Усе навiны

Праект МТС #ІнтэрнэтБезБулінгу атрымаў перамогу на міжнародным конкурсе «Партнёрства дзеля ўстойлівага развіцця» ва Украіне

2 снежня ў Кіеве адбылася цырымонія ўзнагароджання пераможцаў на міжнародным конкурсе «Партнёрства дзеля ўстойлівага развіцця 2021». Сумесны праект МТС і Дзіцячага Фонду ААН (ЮНІСЕФ) у Беларусі #ІнтэрнэтБезБулінгу атрымаў перамогу ў катэгорыі «Мір» (Peace). Арганізатарам мерапрыемства выступіла Сетка Глабальнага Дагавора ААН ва Украіне.

Прэмія «Партнёрства дзеля ўстойлівага развіцця» - гэта галоўная ўзнагарода Сеткі Глабальнага Дагавора ААН ва Украіне. Сёлета каля 100 найбуйнейшых кампаній з Украіны, Турцыі, Грузіі, Харватыі і Беларусі змагаліся за ўзнагароды ў 4-х катэгорыях - «Людзі», «Планета», «Мір» і «Росквіт». Праект МТС і ЮНІСЕФ у Беларусі #ІнтэрнэтБезБулінгу стаў пераможцам у катэгорыі «Мір». Журы адзначыла важнасць сацыяльнай кампаніі, якая ўзнімае праблему булінгу ў інтэрнэце і дае інструменты дапамогі. Праект трапіў у лік пераможцаў, апярэдзіўшы такія брэнды як StarLightMedia (Украіна), PepsiCo Products, FLLC (Беларусь), NGO Docudays.UA (Украіна), Infopulse (Украіна), Foxtrot (Украіна).

Ацэнкай і вызначэннем пераможцаў займалася аўтарытэтнае міжнароднае журы. Сярод іх ― спецыяліст па прыватным сектары Базельскага інстытута кіравання Ванэса Хайнс, кіраўнік падраздзялення ESG у S&P Jones Indices Рыд Стедман, кіраўнік даследчай праграмы CEO у кампаніі Accenture (Вялікабрытанія) Апурв Гупта і інш.

Сумесная кампанія МТС і ЮНІСЕФ у Беларусі раней ужо была адзначана экспертамі на прэстыжным міжнародным конкурсе Effie Awards Belarus. #ІнтэрнэтБезБулінгу заваяваў золата ў катэгорыі «Positive Change/Уклад у грамадства і ўстойлівае развіццё. Брэнды» і серабро ў катэгорыі «Інтэрнэт і тэлекам».

Праект #ІнтэрнэтБезБулінгу накіраваны на прафілактыку цкавання сярод дзяцей і падлеткаў у інтэрнэце. У рамках праекта былі створаны спецыяльныя навучальныя ролікі і тэст-трэнажоры, якія дапамагаюць атрымаць больш інфармацыі пра кібербулінг і вучаць дзяцей бяспечным паводзінам.

Папярэдняя навіна

Наступная навіна