«БелЛіт: мабільны гід»: паэтычны воркшоп ад беларускай паэткі Вальжыны Морт | Новости МТС
Назад

«БелЛіт: мабільны гід»: паэтычны воркшоп ад беларускай паэткі Вальжыны Морт

Праект «БелЛіт: мабільны гід», які ладзіцца пры падтрымцы Мабільнай бібліятэкі МТС, працягнецца гаворкай пра чароўны свет паэзіі. Беларуская паэтка, выкладчыца крэатыўнага пісьма ў Карнэльскім універсітэце (ЗША) Вальжына Морт 4 мая правядзе воркшоп «Як правільна чытаць і разумець паэзію».

Спікер адкажа на пытанні: чаму да паэзіі трэба прыходзіць розумам, а не толькі эмоцыямі; у чым роля рыфмы; чаму мовай паэзіі, абмежаванай вялікай колькасцю паэтычных правіл, усё роўна можна сказаць больш і глыбей, чым штодзённай мовай; чаму менавіта паэзія служыць паскаральнікам нашага мыслення?

У межах воркшопа Вальжына Морт звернецца да творчасці Гамера, Уільяма Шэкспіра, Янкі Купалы, Паўля Цэлана, Віславы Шымборскай.

Каб наведаць лекцыю, трэба зарэгістравацца на сайце gidbellit.by. Месца правядзення: бізнес-цэнтр Imaguru (вул. Фабрыцыуса, 4), пачатак а 19-й гадзіне. Нагадваем, што ўсе лекцыі праекта бясплатныя.

Праект «БелЛіт: мабільны гід» ладзіцца пры падтрымцы Мабільнай бібліятэкі МТС. Пісьменнікі, выкладчыкі і медыйныя персоны чытаюць лекцыі па беларускай літаратуры. У межах курса аб’ядналіся розныя погляды і манера выкладання на любы густ. Наведвальнікі могуць узгадаць альбо адкрыць для сябе знакавыя імёны і творы, задаць пытанні экспертам і падзяліцца ўласнымі думкамі.

Для слухачоў падрыхтаваны залікоўкі, дзе адзначаюцца наведванні лекцый. Напрыканцы праекта «выдатнікі» атрымаюць «чырвоныя дыпломы».

Предыдущая

Следующая